Водныя рэсурсы

Па тэрыторыі Міёрскага раёна працякаюць 16 рэк і 39 ручаёў. Найбольшыя з іх Заходняя Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Густата натуральнай рачной сеткі 0,50    км/км².   Працягласць рэк  ад 14  (Улінец) да 47 км(Авута). 

Сярэднегадавы расход вады ў  мясцовых рачулках невялікі - 2,9 м³ у секунду ў вусці Авуты, 2,8 – Вяты. На Вяце нават працавала  невялікая гідраэлектрастанцыя, якая абслугоўвала райцэнтр. Да гэтага часу захаваліся рэшткі   гідратэхнічных збудаванняў і вадаспад на плаціне.

Пераважная большасць невялікіх рачулак асноўную частку гадавога сцёку забяспечвае разводдзем: 50% --- Вята, 66 % --- Авута. Усе яны выкарыстоўваюцца ў якасці водапрыёмнікаў меліярацыйных сістэм.Амаль усе рачулкі ў верхнім цячэнні , а некаторыя нават у сярэднім каналізаваны. На некаторых зроблены штучныя вадасховішчы.

 У раёне налічваецца  96 вадаёмаў, у тым ліку 83 возеры і 13 сажалак 20 з іх маюць прамысловае значэнне. Найбольшыя азёры Абстэрна – 9,89 км²;  Ельня – плошчай 5,42 км²; Набіста – 3,76 км²; Важа – 3,24 км², Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Міёрскае, Шчоўна, Чэрас. 45 азёр агульнай плошчай 330,15 км² знаходзяцца ў граніцах заказнікаў Ельня і Балота Мох. Па тыпу катлавіны найбольшая колькасць іх рэшткавыя і лагчынныя, Абстэрна, Важа і Ідолта --- падпрудныя, Ворань, Запалоссе, Кацілава і Красноўскае -тэрмакарставыя.

Каля палавіны азёраў моцна зарастаюць, дыстрофныя, з вадой, беднай кіслародам. Часцей за ўсё гэта балотныя азёры. Пераважная большасць азёр мае глыбіню 4-6 м. Самае глыбокае возера ў

раёне Сумоўка  (найбольшая глыбіня – 29,6 м).Кожнае трэцяе возера з’яўляецца рыбапрамысловым. Тут водзяцца судак, плотка,  лінь, сазан, сом, лешч, шчупак, карась, краснапёрка, мянтуз, укляя,  верхаводка, ёрш, у абстэрнаўскіх азерах – вугор.Некаторыя неаднаразова папаўняліся малькамі каштоўных парод рыб, напрыклад судаком (Абстэрна, Набіста), сазанам (Міёрскае, Кацілаўскае),таўсталобікам (Важа),шчупаком, белым амурам.

Абстэрнаўская група азёр –13 вадаёмаў агульнай плошчай 32 км² -- размясцілася сярод маляўнічых пагоркаў браслаўскай грады. Побач хваёвыя лясы, поймавыя лугі. Выкарыстоўваецца для адпачынку (дзіцячы санаторый “Расінка” каля вёскі Пераброддзе).

Азеры ў многіх частках раёна пераважна круглыя або выцягнутыя ўздоўж старажытных лагчын сцёку ледавіковых вод (Орцы, Чэраскае, Міёрскае).Нярэдка сустракаюцца азерныя астраўкі.

Азеры адносна маладыя ---10-12 тыс.гадоў.

Найбольшыя штучныя вадаёмы створаны ля вёсак Дворнае Сяло, Новы Пагост, Сіцькова, Лявонпаль.

Літаратура:

  1. Блакітны скарб Беларусі:Рэкі, азеры, вадасховішчы,турысцкі патэнцыял водных аб’ектаў/Маст.:Ю.А.Тарэеў, У.І. Цярэнцьеў --Мн.:БелЭн,2007.—480 с.
  2. Калинин М.Ю., Волчек А.А. Водные ресурсы Витебской области / Под общей редакцией д.т.н.М.Ю. Калинина.—Мн.:ООО “Белсэнс”, 2004.-144с.: ил.
  3. Памяць:Гісторыка-дакументальная  хроніка Міёрскага раёна. – Мн.,Беларус.навука,  1998.- 630 с.; іл.
  4. Рэкі, азёры,і вадасховішчы Беларусі.Мн.,галоўная рэдакцыя Беларускай савецкай Энцыклапедыі,1979.216 с. з іл. /Энцыклапедычная бібліятэчка “Беларусь”
  5. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.1 Ааліты-Гасцінец/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 575 с.,іл.,39 л.іл.
  6. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.2 Гатня-Катынь/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 522 с.,іл.,42 л.іл.
  7. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.3 Катэнарыя -Недайка/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1984. --- 488 с.,іл.,40 л.іл.
  8. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4 Недалька-Стаўраліт/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1985. --- 599 с.,іл.,38 л.іл.
  9. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.5 Стаўраструм-Яшчур/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1986. --- 583 с.,іл.,32 л.іл.

 

сайт президента Беларуси Сайт Миорского райисполкома Национальный правовой портал Витебская областная библиотека Интернет-портал Национальной библиотеки Беларуси

Адрес: Республика Беларусь, Витебская обл., г.Миоры ул. Дзержинского, 6