Запаведнікі. Заказнікі. Паркі

Ельня - гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння ,створаны ў 1968 г., каб зберагчы ў натуральным стане балотны масіў Ельня і яго харак- тэрную расліннасць. У 1981 годзе ён быў расшыраны, а ў 2002 атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (рамсаарская тэрыторыя).Плошча 25,3 тыс.га. Заказнік размяшчаецца ў межах Полацкай нізіны. Уся тэрыторыя – моцна пукатае вярховае з рэдкімі хваёвымі лясамі хмызнякова-сфагнавае балота прыбалтыйскага тыпу: у межах заказніка каля 35 дыстрофных азер, у т.л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Тарфяныя паклады (асакова-гіпнавы, драўняна-пераходны і інш.віды торфу)магутнасцю да 8,3м, сапрапелевыя – да 1,5 м.

У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, а таксама выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы, якія ствараюць своесаблівы каларыт мясцовасці. На мінеральных “астравах” лясная расліннасць:ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін ( чубатка пустая, бяроза карлікавая, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (журавель шэры ,кулоны вялікі і сярэдні, савец залацісты, дзербнік і інш. Зараз праводзяцца экскурсіі па заказніку. За даведкамі звяртацца па тэлефонах: 8(029)2924970, 8(02152)41237

Балота–Мох - гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння, створаны ў 1981 годзе, каб зберагчы ў натуральным стане тарфяны масіў Балота-Мох, які рэгулюе водны рэжым прылеглай тэрыторыі і азёр Абстэрна, Важа, Набіста, Укля. Займае зах. частку Полацкай нізіны.Плошча – 4,84 тыс.га Тэрыторыя ў складзе Дзісенскага геабатанічнага раёна Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя згуртаванні з дамешкамі бярозы, елкі, асіны і інш. У флоры трапляецца рэдкі ахоўны від - марошка, якая пладаносіць (адзінае месца ў Беларусі). Акрамя гэтых заказнікаў на тэрыторыі раёна знаходзяцца: заказнікі мясцовага значэння: “ЖАДА” - гідралагічны заказнік плошчай 2,3 тыс.га.

ВОЎЧАЯ ГАРА знаходзіцца ў Перабродскім сельсавеце на граніцы з Браслаўскім раёнам. У наваколлях вёсак Крынкі, Камарышкі, Лажкоўшчына, Маслюлеўшчына, хутар Воўчая Гара. Над узроўнем мора 206 м. Знаходзіцца за 8 км на поўнач ад Пераброддзя і за 16 км на паўночны захад ад Міёр. Утварылася 15-16 тыс. гадоў таму ў часы браслаўскай стадыі апошняга (паазёрскага) зледзянення. Уяўляе краявое канцова-марэннае ўтварэнне постмаксімальнай фазы. Адклады—марэнныя супескі, суглінкі, грубыя пяскі. Даўжыня—1,6 км, шырыня 1,1 км, бачная вышыня 30м. Гэта былы культавы пагорак.

КОПЦЕЎСКАЯ ОЗАВАЯ ГРАДА энаходзіцца ў Завуццеўскім і Язненскім сельсаветах ля вёсак Копцева, Субачава, Бор-Паляна. Да Дзісны адсюль на паўднёвы ўсход 9,5 км, столькі ж - да Завуцця (на паўночны ўсход), да Міёр 33 км на паўднёвы ўсход. Форма рэльефу мёртвага лёду ўтварылася 13-16 тыс. гадоў таму, адклады—дробнаазярністыя пяскі, алеўрыты і стужкавыя гліны. Даўжыня грады 3 км, і шырыня 2,4 км, вышыня 16 м, арыентацыя паўноч-поўдзень, плошча 2,1 кв.км.

КРЫНІЦА СВЯТОГА ЯНА. Знаходзіцца на тэрыторыі Язненскага сельсавета. Паблізу размешчаны вёскі Варонкі, Сквірцы, Дарожкі, Коцава, былы хутар Паддубнікі. Знаходзіцца за 8 км на паўночны ўсход ад Язна, за 24 км на поўнач ад Дзісны, за 40 км на паўдневы ўсход ад Міёр. Уяўляе сабой падземныя крыніцы на марэннай раўніне, дне былога Полацкага прыледніковага вадаёма, якія сфарміраваліся 15-16 тыс. гадоў таму. У наваколлях марэнныя супескі, суглінкі, грубыя дробназярністыя пяскі, гліны, алеўрыты. Плошча аб’екта 2,5 кв.км па даліне ракі. Вада крыніцы ўтрымлівае 450,33 мг/л гідракарбанату, 7,44—хлору, 6,72— сульфату. 2,34—нітрату, 83,37—кальцыю, 33,66—магнію, 16,5—натрыю, 2,35— калію, 0,15—жалеза, агульная мінералізацыя 602,86 мг/л, рН—7,99. Яна празрыстая, без колеру і паху, без асадкаў. Мясцовыя жыхары лічаць, што гэтая вада мае цудадзейную сілу, лекавыя вартасці, можа доўга захоўвацца і не псавацца. Апавядаюць, што крыніцай карыстаюцца больш за 300 гадоў. Раней тут была драўляная каплічка. На Святога Яна адбываецца фэст. Гэтае месца разам з крыніцай, ручаём і капліцай яшчэ называюць Святой вадой.

Літаратура:

  1. Блакітны скарб Беларусі:Рэкі, азеры, вадасховішчы,турысцкі патэнцыял водных аб’ектаў/Маст.:Ю.А.Тарэеў, У.І. Цярэнцьеў --Мн.:БелЭн,2007.-480 с.
  2. Дедюро,Л. Дыши, Европа, глубже! : (Недавно в Миорах решалась судьба гидрологического заказника Ельня) / Л.Дедюро // Віцебскі рабочы. – 2007. – 29 сакавіка.-с.15.
  3. ”Ельня”вачамі вучоных // Міёрскія навіны. – 2007. – 14 ліпеня.-с.4.
  4. Касаты,Л. “Ельня” – лёгкія Еўропы/ Л.Касаты // Міёрскія навіны. – 2006. 5 ліпеня.-с.2
  5. Очарование Миорского края = Charm of Myory Region / подбор материала:В.А. Ермаленок, П.И. Боголей, Миорский районный исполнительный комитет ; лит.обраб.:О.В. Молодечкин; фото:О.В.Молодечкин --- Новополоцк:О.В.Молодечкин, 2007. --- 50.:ил.
  6. Скарбы прыроды Беларусі --- Treasures of Belarusian Nature Тэрыторыі, якія маюць міжнар.значэнне для захавання біял.разнастайнасці/ аўт.тэксту і фота А.В. Казулін (і інш.)- 2-ое выд.перапрац., дап.—Мн.:Беларусь, 2005 – 215 с.:іл., карты-схемы.
  7. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.1 Ааліты-Гасцінец/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 575 с.,іл.,39 л.іл.
  8. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.2 Гатня-Катынь/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 522 с.,іл.,42 л.іл.
  9. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.3 Катэнарыя -Недайка/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1984. --- 488 с.,іл.,40 л.іл.
  10. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4 Недалька-Стаўраліт/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1985. --- 599 с.,іл.,38 л.іл.
  11. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.5 Стаўраструм-Яшчур/ Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1986. --- 583 с.,іл.,32 л.іл.

 

сайт президента Беларуси Сайт Миорского райисполкома Национальный правовой портал Витебская областная библиотека Интернет-портал Национальной библиотеки Беларуси

Адрес: Республика Беларусь, Витебская обл., г.Миоры ул. Дзержинского, 6